Бясконцы дождж, вышыванкі і бонсцікі: у Мінску адбыўся «Дзень вышыванкi»

Учора, 2 ліпеня, у Мінску прайшоў «Дзень вышыванкi». У другі раз мерапрыемства было арганізавана актывістамi БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры дапамозе Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта i Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт Spektr.by.

На адкрыцці свята прысутнічалі Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Святлоў Барыс Уладзіміравіч і Рыжанкоў Максім Уладзіміравіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

У Беларусi нацыянальны арнамент набірае ўсё большую папулярнасць. «Вышыванка» – гэта не толькі патрыятычна, але модна i стыльна, прычым сярод людзей усіх узростаў.

Выкарыстоўваючы «вышыванкі» у паўсядзённым жыцці, мы выказваем сваю духоўную свядомасць, нацыянальную і грамадзянскую пазіцыю, культурную адукаванасць, падкрэсліваем адзінства і згуртаванасць беларускага народа. Таму не дзіўна, што з 12.00 да 23.00 на пляцоўцы каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў адбыўся «бум» вышыванак.

Мінчан і гасцей сталіцы чакала вельмі насычаная праграма. Свята пачалося з майстар-класаў «Скарбніца»: цудоўныя сувеніры ад майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва можна было набыць на памяць, а таксама зрабіць самому.

Таксама для гасцей быў адкрыты кірмаш-продаж страў беларускай нацыянальнай кухні «Прапануем прысмакi на розныя смакi». Шкада, што назвы амаль усіх страў былі напісаны не на роднай мове.

А вось студэнты БДУ выступілі са сваёй прапановай – адкрыць імправізаваны салон роспісу па целе адмысловымі фарбамі. Працуючы ў гэтай тэхніцы і выкарыстоўваючы нацыянальныя беларускія ўзоры, маладыя творцы прадэманстравалі сапраўднае майстэрства.

Як вядома, нашы графічныя малюнкі маюць свой непаўторны каларыт, графічны «шыфр» і чытаныя коды. Кожны знак з’яўляецца своеасаблівым сакральным пасланнем нашых продкаў да сучаснага пакалення.

На драўлянай дошчачцы любы жадаючы мог намаляваць арнамент, значэнне якога ён абраў. Цікавая віктарына дапамагла ўзгадаць прымаўкі і прыказкі, многія паўдзельнічалі ў латарэі ад БРСМ, а на майстар-класе можна было зляпіць з гліны збаны і прыгожыя фігуры. Вельмі добра, што паспрабаваць свае сілы ў мастацтве мог кожны, хто прыйшоў на мерапрыемства.

Выдатнае дэфіле мадэляў у адзеннi з элементамі вышыванкі ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў нікога не пакінула абыякавым. Дарэчы, арганізатары акцыі прапанавалi ўсім жыхарам надзець вопратку ці выкарыстоўваць аксесуары з нацыянальным беларускім арнаментам. А хто завітаў на свята без вышыванкі, атрымаў цудоўную стужку з арнаментам.

Арт-парад удзельнікаў свята «Пад сцягам з вышыванкай» – шэсце ўдзельнікаў мерапрыемстваў свята з усёй краіны не спыніў нават бясконцы дождж, дзеці і моладзь танчылі, спявалі, дэманстравалі сваё адзенне. Напрыканцы шэсця гасцей віталі рэтра-аўтамабілі і бонсцікі.

Файны флэшмоб «Пацалунак у вышыванцы» быў вельмі яркім момантам усяго свята. У ім прынялi ўдзел усе жадаючыя, хто прыйшоў са сваёй другой палоўкай. Сабраўшы ўсix разам, беларусы зрабiлi самы масавы пацалунак у гэтым годзе.

Для многіх самай захапляльнай актыўнасцю стаў гістарычны квэст-падарожжа «Мая Беларусь», а ў фотамайстэрні «Натхненне» прапанавалі зрабіць здымкі на фотазоне, таксама жыхары маглі наведаць фотасушку і фотагалерэю.

У секцыi «Алiмп» гасцей чакалі розныя спаборніцтвы, сярод якіх стрытбол, футбол, варкаўт, а таксама настольныя спартыўныя гульні і аўтограф-сесiя з удзелам знакамiтых спартсменаў.

У гэты святочны дзень сваю творчасць гледачам падарылі заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Вікторыя Алешка, ансамбль «Песняры», гурты «Naviband», «Аўра», «Дразды», «Правакацыя», «Верасы», шоу «Алюр «, вядомыя выканаўцы Жанет, Ян Маерс, Uzari, Вольга Рыжыкава, Тэа і іншыя.

На свяце беларусы акунуліся ў атмасферу роднай культуры: танчылі пад беларускамоўныя песні, прымалі ўдзел у цікавых майстар-класах, рабілі сабе “тату” з беларускімі ўзорамі, атрымлівалі асалоду ад выдатнай кухнi.
Завяршыўся «Дзень вышыванкi» традыцыйнай дыскатэкай Disco-folk «Вышыванка.by» і бітвай беларускіх дыджэяў.

Удзельнікі свята падзяліліся сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам Spektr.by.
На пытанне, як трэба ставіцца да такіх мерапрыемстваў, Павел Белавус, кіраўнік “Арт Сядзібы” і стваральнік крамы symbal.by, адказаў наступнае:

– Тут дваякае такое адчуванне: з аднаго боку, зразумела, вельмi добра, калi папулярызацыя нацыянальнай культуры і традыцый выходзiць на такi шырокi спектр, але iншае пытанне якасці, і як гэта адбываецца. Ці гэта робіцца з-пад дубіны, пад прымусам ці гэта ідзе шчыра ад сэрца, ад душы. Я за тое, каб гэтыя мерапрыемствы адбываліся ў сучасных фарматах з прыцягненнем розных культурных ініцыятыў, незалежных і залежных, грамадскіх, а таксама каб прысутнічала вялікае кола розных арганізацый і структур, якія займаюцца гэтай папулярызацыяй.

Павел прызнаўся, што з задавальненнем хацеў бачыць на пляцоўцы намёты “Маладога Фронта” з прапановамі далучыцца да арганізацыі, моладзь “БНФ” і “БРСМ”, “Арт Сядзібу” і іншыя структуры, каб гэта было сапраўды агульнанацыянальнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвала б розных людзей па палітычных поглядах, па розных аспектах супрацы з дзяржавай, але якія любяць краіну і родную культуру, нацыянальныя сімвалы, традыцыі.

— Такія мерапрыемствы павінны быць аб’яднаўчымі, каб у выніку не атрымоўвалася, што ёсць афіцыйны “Дзень вышыванкі” і неафіцыйны, тут правільныя патрыёты, тут няправільныя. Я хацеў пажадаць і Гарвыканкаму і “БРСМ”, увогуле ўсім арганізатарам, каб яны прыцягвалі шмат розных ініцыятыў і культурных аб’яднанняў і паказвалі сапраўды шырокі спектр розных цікавых ініцыятыў, якія займаюцца культурнымі, грамадскімі і нацыянальнымі праектамі і жывуць у гэтай краіне, – скончыў Павел.

Марыя, юрыст:
— Цудоўнае свята, дзякуй за тое, што далi магчымасць дакрануцца да нашай роднай культуры, мне вельмi ўсё спадабалася, асаблiва закранулi прыгожыя сукенкi і вышыванкi на дэфiле, смачныя стравы i беларускамоўныя песні, я вкльмі чакала выступу гурта «Naviband», яны неверагодныя! У наступным годзе прыедзем з Віцебску ўсёй сям’ёй, толькі вось дождж сапсаваў крыху настрой, а так праграма была цудоўная.

Мікіта, студэнт БДУ:
— Не шкадую, што дзяўчына выцягнула мяне на мерапрыемства. Тут вельмі весела і цікава, такой вялікай колькасці вышыванак я яшчэ ніколі не бачыў. Пад парасонам нам было вельмі ўтульна, таму ўсё спадабалася, мы нават прынялі ўдзел у флэшмобе пацалункаў і наведалі некалькі майстар-класаў.
Канешне, надвор’е было не вельмi спрыяльнае для такога вулічнага опэн-эйра, але вельмі прыемна, што людзі апраналі прыгожыя вышыванкі, рабілі сабе аква-грым з беларускім арнаментам, танчылі і абяцалі завітаць на свята ў наступным годзе.

Усіх беларусаў аб’яднала не толькі наша агульная гісторыя і культура, але і імкненне дакрануцца да самага каштоўнага і святога – да традыцый, якія захоўваліся столькі стагоддзяў і якія мы павінны захаваць для нашых нашчадкаў.

Спадзяемся, што мерапрыемства стане традыцыйным, і ў наступным годзе агульнарэспубліканскі праект БРСМ «Дзень вышыванкі» збярэ яшчэ больш гасцей і ўдзельнікаў, а беларуская мова будзе гучаць значна часцей на вуліцах любімай краіны.

 

Правила комментирования и модерирования на сайте «SPEKTR.BY»
Комментарии для сайта Cackle
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ